Главная страница
Контакты

    Главная страница


Філасофія быту і быцця ў паэме Я. Коласа "Новая зямля"

Скачать 56.57 Kb.



Скачать 56.57 Kb.
Дата28.04.2018
Размер56.57 Kb.

Філасофія быту і быцця ў паэме Я. Коласа "Новая зямля"


Разам з тым, героі паэмы -- людзі не першароднага паднебнага свету, а часу грандыёзных тактанічных змен і зрухаў, неймаверных кантрастаў. I гэты час пераканаўча засведчыў тое, што выбіцца з жыццёвых бядот, з цэйтнота суцэльнай беспрасветнасці і безвыходнасці можна толькі агульнымі намаганнямі. Але для гэтага трэба перадусім ліквідаваць пешапрычыну разбуральных калатнечаў і мітрэнгаў, утаймаваць стыхію свайго духу, прывесці яго ў пэўную адпаведнасць з касмічнай мэтазгоднасцю.

Перад Коласам стаялі дзве архіважныя задачы, адну з якіх можна ўмоўна назваць экстравертнай (задачай-для-іншых), другую - інтравертнай (задачай-для-сябе). Першая задача заключалася ў тым, каб пераканаць грамадскасць у факце гістарычнага існавання, хай пакуль і намітатыўнага, Беларусі і беларуса, пры адначасным пазбяганні наўмыснага тарпедавання саміх тэрмінаў, спецыяльна не прыпыняючыся на моманце нацыянальным, але імпліцытна трымаючы яго “ў памяці”. Для паэта важна было перадусім заявіць пра сябе, “падаць голас”, абазвацца, скіраваць на сябе ўвагу з тым, каб у наступным стала зафіксавацца ў іншанацыянальнай свядомасці (ды і ў свядомасці ўласна-самаіснай) фактарам паўнаважкім, насамрэчным. Пры гэтым новаяўленая карціна-містэрыя не павінна была нараджаць адчуванне падману, містыфікацыі, у многім застаючыся апошняй наяве. I гэта псіхалагічна апраўдана: выклікаць да сябе цікавасць і жывы інтарэс можна было толькі шляхам стварэння культурнага фону, культурнай аўры, якая б дазволіла замацавацца на першасным рубяжы. Мэта была адна: у несамавітым, знешненаносным прымусіць убачыць першароднае, сапраўднае, акружыць яго арэолам святасці і чысціні.

Інтравертны модус (задача-для-сябе) выцякаў з раскрыцця ўнутраных, уласна-нацыянальных міфалагем, максімалісцка-субектыўнага коду нацыі, праявы якога выступалі ў формах скрайняга “лібералізму” і скрайняга “радыкалізму”. З аднаго боку -- цярпенне, маўчанне, пакора перад гаспадарамі жыцця (“Цярпі, маўчы, знасі пакорна” [16, с. 214]), з другога-- агідная знявага, лаянка, здзек у міжасобасных дачыненнях (“I свой жа брат цябе кусае” [16, с. 259]). Як бачым, аўтар пазбягае паказу адкрытага класавага канфлікту -- канфлікту паноў і мужыкоў, пераводзячы дзеянне ў рэчышча этычнага імператыву, звяртаючы больш увагу на “канфліктнасць герояў і абставін, герояў і ладу-парадку” [16, с. 243]. I гэты факт досыць паказальны. У гэтым жыццезвароце не назіраецца варожага супрацьстаяння, фігуральна кажучы, паміж “новазямельцамі” і “мацерыкоўцамі”, хоць увогуле людскія землятрусы бываюць досыць адчувальнымі:

Народ жадзён, бо жыве ў сціску,

Гатоў у вочы сыпнуць прыску,

Зрабіць зумыслу дзеля здзеку,

Не, не ўнаровіш чалавеку!.. [16, с. 241].

Так паступова паэма сэнсава ўзбагачаецца, набывае новыя якасці і новае гучанне, што спалучана з вырашэннем аўтарскай звышзадачы -- паказаць свету Беларусь і беларусаў, глыбей раскрыць адметнасць беларускага менталітэту як дастаткова складаную, мнагамерную духоўную арганізацыю, і разам з гэтым звярнуць увагу на агульную падобнасць-тоеснасць многіх псіхалаігічных дэтэрмінантаў. У сувязі з гэтым паэт закрануў адну з самых тонкіх “матэрый” -- нацыянальную годнасць, яскрава прадэманстраваў тое, што менталітэт -- не адно фетышызацыя сусальна-лубачнага ў народным характары. Менталітэт паводле коласаўскай мастацкай карціны свету -- гэта суровая праўда пра сябе і свой народ на суровых скрыжалях гісторыі, бескампрамісны паказ працэсу гістарычнага і асобаснага самасцвярджэння, пакутлівага пазбаўлення ад усяго штучнага, нароснага, каразійнага. Разважаючы над тым, што вынікае адчужанасць людзей паміж сабой, нараджае абыякавасць да роднага кута, бацькаўшчыны і нават уласнага лёсу, сучасныя даследчыкі падкрэсліваюць, што глыбокая гістарычная дасведчанасць Коласа заканамерна прыводзіла да высновы, што нежаданне сялян жыць па закону дзяржавы, абумоўленае шматвекавой несправядлівасцю, крыўдамі і прымусам з боку ўлад, ствараюць парадаксальна-трагічную, тупіковую сітуацыю існавання, абумоўліваюць прававы нігілізм народа ў пытаннях зямлі і волі, Радзімы і свабоды. Аб'ектыўна гэта так. Але пры падобнай пастаноўцы пытання не ўлічваецца мера асабістай адказнасці чалавека за прычыненае ім зло, за наўмысныя дзеянні, учынкі, паводзіны: усё спісваецца на аб'ектыўную абумоўленасць. У выніку праблема адказнасці самога чалавека адпадае сама сабою. I ўсё ж маральна-этычнае, нароўні з гераічным, заставалася адным з істотных складнікаў твора, яго мабілізуючым звяном. Варта нагадаць, што і першапачатковая задума аўтара не сягала далей мастацкага аўтабіяграфізму, прыватнага факту, пра што сведчаць першыя публікацыі раздзелаў паэмы на старонках “Нашай нівы” з падзагалоўкамі “Адрывак з расказа “Новая зямля” (“Леснікова пасада”)”, “Пачатак расказа “Новая зямля” (“Раніца ў нядзельку”)”.

В. Жураўлёў вылучаючы агульны для эстэтычных сістэм Купалы і Коласа прынцып -- праўдзівае і аб'ектыўнае выяўленне ў іх творчасці сацыяльнага ракурсу, заўважае: “Звонку меней прыкметным у такіх, нярэдка завостраных і густа афарбаваных у змрочныя фарбы малюнках сялянскай пакуты (беззямелля, галадухі, бяспраўя) з'яўляецца іншы ключавы аспект аўтарскіх задум -- уплыў дэтэрмінантнай сілы гэтых абставін на станаўленне духоўнасці чалавека, яго свядомасці, на паглыбленне яго імкненняў да волі і свабоды” [22, с. 142].

Многае ў жыцці і Міхала, як і ў герояў Гесіёда, залежала ад ляснічага і вышэйшых чыноў. Той, хто наймаў Міхала на службу, быў, па вызначэнні яго падначаленых, чалавекам справядлівым, праўдзівым, не квапіся на дарэмшчыну, больш-менш аб'ектыўна ацэньваў працу леснікоў, хоць часам і злоўжываў, скажам, стараннасцю, адказным стаўленнем Міхала да любых даручэнняў зверху, але пры ім можна было жыць.

Што ў жыцці Міхала і яго сям'і змянілася, калі ляснічым стаў Ракоўскі? У адрозненне ад папярэдняга ляснічага новы быў чалавекам уладалюбівым пыхлівым, пагардліва ставіўся да падначаленых, бэсціў іх і нават дазваляў пусціць у ход кулакі. Таму пры Ракоўскім рэзка змянілася становішча не толькі Міхала, але і ўсей сям'і. Ракоўскі на кожным кроку прыніжаў Міхала, зневажаў яго чалавечую і працоўную годнасць, замучваў даручэннямі, не звязанымі са службовымі абавязкамі, не толькі яго, але і ўсю сям'ю. Міхал асабліва востра пачаў адчуваць няпэўнасць свайго становішча на панскай зямлі. Паступова гэта пачынаюць усведамляць Ганна і Антось. Разам узятае пазбаўляла ўсіх аптымізму, прымушала думаць пра свой заўтрашні дзень, пра будучыню дзяцей.

Галоўны герой разумеў, што толькі поўная залежнасць ад Ракоўскага дае апошняму права прыніжаць лесніка, “ганяць, як скаціну тую нему” [16, с. 231], аддаваць загады брату і дзецям. Міхал ведаў сабе цану, але добра ўсведамляў, што любы яго пратэст можа пакінуць сям'ю без кавалка хлеба. На папрокі жонкі, што нельга дазваляць Ракоўскаму так паводзіць сябе, што нельга пакорліва зносіць абразы, дапускаць упрагаць усю сям'ю на працу ў лясніцве, адказаў:

Хіба цябе ён тут трымае?

Служыць гвалтоўна прымушае?

Не хочаш службы, ну, палайся,

Бяры манаткі, выбірайся.

Але куды? Дзе твой прытулак?

Нагатавалі табе булак?

Каму ты міл, скажы, ў бядзе?

Эх, не прыхілішся нідзе!

Паскачаш дроздзіка, бы скочка,

Калі няма свайго куточка.

А як прачуюць гэта людзі,

Ад іх адбою тут не будзе... [16, с. 274].

Міхал узначальваў сям'ю. На ім ляжала галоўная адказнасць за яе. Таму менавіта Міхалу патрэбна было знайсці нейкі паратунак, нейкі годны выхад з таго становішча, у якім апынуліся, не чакаць бяздзейна, калі цярпець не стане ніякіх сіл і Ракоўскі выганіць са службы. Тады сям'я апынецца за парогам жыцця, на яго задворках. Міхал прыходзіць да высновы, што трэба стаць незалежным, працаваць толькі на сябе і сваю сям'ю, рэалізаваць уласнае ўяўленне пра жыццё, годнае чалавека, селяніну можна толькі адным шляхам: “купіць зямлю, прыдбаць свой кут” [16, с. 279]. Гэта дасць герою магчымасць стаць незалежным. Менавіта ўласная зямля давала не толькі надзейны кавалак хлеба, але выступала гарантам годнасці, незалежнасці чалавека ад уладаў, адкрывала рэальную мажлівасць пастаяць за сябе.

Чужая зямля, якую атрымліваў Міхал у часовае карыстанне, пазбаўляла яго гаспадарскай ініцыятывы, не дазваляла рэалізаваць свае ідэалы. Міхал марыў, каб можна было разгарнуцца, а на чужым ажыццявіць гэта было нельга, бо павінен рабіць так і тое, што табе загадвае гаспадар, тое, чаго ён хоча. Пасля пажару ў Парэччы ўзводзілі новую леснічоўку на месцы згарэлай, але пабудавалі традыцыйную. Хоць хата была вялжая і светлая, Міхалава мара была іншай:

А гэта хата вось якая:

Перш-наперш выгляд добры мае;

Стаіць пры рэчцы ці крыніцы,

На ёй дзве дымніцы-блізніцы

З чырвонай цэглы і фарысты.

У хаце ёсць пакойчык чысты,

I вокны светлы і панадны,

I броўны ў сценах вельмі ладны:

Шырокі, роўны, без прыточак.

I жоўценькі, як той пясочак,

Хлявок, гуменца -- усё там кова,

I ўсё дакладная будова!

Пры доме сад, хоць невялічкі,

Ды добры сад, ніводнай дзічкі... [16, с. 284].

Як бачым, Міхал не належаў да тых людзей, для якіх

...увесь гэты свет

Ёсць аднае цялежкі след,

Пытантні толькі дабрабыту,

Дзе ўсё прыводзіцца к карыту [16, с. 285].

Для галоўнага героя былі надзвычай важнымі такія маральныя якасці, як гонар, годнасць, самапавага, адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў, патрэба ў харастве, імкненне ісці ў нагу з часам, духоўная незалежнасць.

Працуючы лесніком, ён нёс найбольшыя маральныя пакуты, адчуваў найбольшы духоўны прыгнёт. На асцярожныя заўвагі жонкі і брата не спяшацца кідаць службу, пацярпець яшчэ, Міхал з болем і горыччу адказаў ім:

Але б вы самі спрабавалі,

Калі б у вочы вам плявалі

I вас агіднаю знявагай

Па сэрцы білі б, як той шлягай!

А ты маўчы, свяці вачыма

Перад паўпанкамі, панамі

I перад панскім розным збродам,

Цярпеннем скованы, як лёдам! [16, с. 285].

Міхал працаваў панскім лесніком, ахоўваў лес ад такога ж селяніна, як ён сам, каб утрымацца на сваёй пасадзе, трэба было высочваць парубшчыкаў, не дапускаць, каб без аплаты ў панскім лесе жанчыны і дзеці збіралі ягады, грыбы, каб вясковыя пастухі пускалі статак у панскі лес. Украсці ў лесе, дзе працаваў лесніком Міхал, было цяжка, калі не сказаць, што немагчыма. I за такую службовую стараннасць Міхала не любілі землякі. Гэта таксама клалася цяжарам на яго душу. Даймалі героя падседжванне, зайздрасць, радасць, калі некаму ад ляснічага перападала больш за яго самога ў час сесіі ў асяроддзі свайго брата-лесніка. Міхалу думалася, што свая зямля вызваліла б яго ад гэтых згрызот, зняла б варожасць і непаразуменні, што ўзнікалі паміж ім і вяскоўдамі. Зямля ў Міхалавым уяўленні --

То наймацнейшая аснова

І жыцця першая ўмова.

Зямля не зменіць і не здрадзіць,

Зямля паможа і дарадзіць,

Зямля дасць волі, дасць і сілы,

Зямля паслужыць да магілы,

Зямля дзяцей тваіх не кіне,

Зямля -- аснова ўсёй Айчыны [16, с. 274].

Зямля -- слова мнагазначнае. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы дае наступныя яго значэнні:

1) Трэццяя ад сонца планета, якая верціцца вакол Сонца і вакол сваёй асі.

2) Месца жыцця і дзейнасці чалавека пры супастаўленні з небам як уяўным светам багоў.

3) Суша ў адрозненне ад воднай прасторы.

4) Верхні слой кары нашай планеты, глеба, грунт.

5) Паверхня, плоскасць, на якой стаім.

6) Тэрыторыя, якая знаходзіцца ў чыім-небудзь выкарыстанні; глеба, якая апрацоўваецца ў сельскагаспадарчых мэтах.

7) Краіна, дзяржава [23, с. 297].

Такім чынам, мае рацыю В. П. Жураўлёў, які падкрэслівае: “У роздумах і ўяўленнях Міхала зямля паўстае ў шматаблічным, прыгожым і прывабным вобразе маці-карміцелькі, вернай заступніцай ад усіх напасцяў, з'яўляцца той надзейнай асновай-гарантыяй, якая можа забяспечыць такія жаданыя і такія доўгачаканыя для працаўніка-селяніна і для ўсёй Айчыны волю, свабоду і незалежнасць” [22, с. 179].

Далей варта перайсці да другога аспекту праблемы паэмы Якуба Коласа -- селянін у яго адносінах да зямлі, узаемныя стасункі паміж імі. Якія ж павіны, быць, на думку пісьменніка, гэтыя стасункі? Чалавек не можа дапускаць запусцення зямлі, пакідаць яе на бясплоднасць, каб на ёй раслі “сівец ды пырнік густа” [16, с. 209], каб там “саха зямлі не бараздзіла” [16, с. 243]. Гэта не толькі амаральна, гэта бессэнсоўна, нават з'яўляецца своеасаблівым злачынствам, бо зямля -- адзіная карміцелька людзей, а на свеце вельмі шмат тых, хто рады кавалку хлеба. Пісьменнік і яго любімыя героі асуджаюць папярэднікаў Міхала і на першым месцы, і ў Парэччы, якія запусцілі і абясплодзілі зямлю. Сімпатыі аўтара на баку сям'і Міхала, якая любіць зямлю, старанна яе абрабляе, даглядае, і тая аддзячвае чалавеку добрым ураджаем. Свае негатыўныя адносіны адчулі Міхась з Антосем да Хадыкі, у якога наважыліся купіць хутар, калі ўбачылі, што зямля і сядзіба ў запусценні. Пра гэта браты гавораць гаспадару Заблоння не толькі, каб збіць цану, але і каб раскрыць сваю пазіцыю, свае адносіны да зямлі і працы на ёй.

Яшчэ той брат ненарадзіўся,

Каб на ўзві-вецер жыць багата

I ў дні будныя спраўляць свята.

Але дзе поле адзічэла,

То там, васпане, смаку мала --

Зрабі зямлю з такой аблогі!

Праз год не станеш тут на ногі [16, с. 257] .

Такія словы ўклаў пісьменнік у вусны Міхала.

Як сям'я лесніка ставіцца да зямлі, выступае важкім аргументам у карысць таго, што яна і павінна належаць такім сялянам, як Міхал з Антосем. Яны любяць зямлю, умеюць на ёй гаспадарыць, адчуваюць перад ёй, карміцелькай, свае абавязкі.

Стасункі паміж селянінам і зямлёй, на думку пісьменніка, павінны быць сваяцкія, як паміж маці і яе дзецьмі. Якія ж абавязкі зямлі ў адносінах да такіх сумленных хлебаробаў, якімі з'яўляюцца галоўныя героі паэмы? Маці-зямелька павінна абараняць сваіх гаспадарлівых дзетак ад такіх нягоднікаў, як Ракоўскі. Пакідаючы першую гаспадарку з уробленай, дагледжанай зямлёй, Міхал звяртаецца дамоў, у Парэчча, якую яшчэ трэба зрабіць такой, каб праца тых, хто яе любіць, не была дарэмнай:

Дзень добры, новая мясціна!

Спаткай ты нас, як маці сына

Да часе доўгае разлукі,

І разгарні прыветна рукі

Да тых, хто змушаны ў няволі

Жывіцца хлебам твайго поля:

Зірні ты светлым вокам ласкі,

Авей крылом прыгожай казкі,

Каб гэта жыцце-пуцявіна

Была нам светлая часіна.

Узброй надзеямі нам грудзі,

Бо мы, твае, зямелька, людзі! [16, с. 259].

Мае рацыю Ж. С. Шаладонава, якая адзначае, што героі паэмы ўсталёўваліся “цвёрдымі нагамі” [1, с. 57] на любым няплодным грунце і кожны куток, куды б ні закінуў іх, ператваралі ў маляўнічую мясціну. Прыгожыя, велічныя, роўныя богам яны нават у штодзённых клопатах,

Усё зацвіло, загаманіла,

Бы жыватворная тут сіла

Ад сну прыроду абудзіла [16, с. 260].

Якуб Колас у паэме раскрывае яшчэ адзін аспект праблемы зямлі, -- як бацькаўшчыны, як Радзімы і чалавека як яе сына.

Што разумеюць галоўныя героі пад бацькаўшчынай? Калі паўстала пытанне пра набыццё ўласнай зямлі і грошай на гэтую пакупку, то Міхал прапанаваў прадаць спадчынны надзел, які застаўся ў Мікалаеўшчыне. Ганна рашуча запярэчыла, бо гэта для яе мясцінка на свеце, куды можна заўсёды вярнуцца і тут паставіць хату ў выпадку безвыходнага становішча. Тут можна было спадзявацца на падтрымку сваякоў. Для Ганны важна і тое, што лапік зямлі ў Мікалаеўшчыне Ї гэта тое, што пакінута ў спадчыну бацькамі. Прадаць гэтую зямлю -- гэта ў нейкай меры прыпыніць сувязь пакаленняў. Яе падтрымаў дзядзька Антось: “Вядома, бацькаўшчыны шкода”. Практычна, для герояў паэмы бацькаўшчына і родны кут -- паняцці тоесныя. У іх выразнае ўсведамленне і паняццяў сваё -- чужое. Сваё уключае і зямлю, якую яны абрабляюць, іх побыт, іх звычаі, вераванні. Таму мае рацыю Міхась Лазарук, які лічыць, што “тэма пошукаў сваёй зямлі ў коласаўскай паэме ўспрымаецца, прынамсі, у падтэксце, як тэма здабыцця радзімы, бацькаўшчыны. Іменна тут хаваецца крыніца паэтычнага, якая жывіць пафас твора, яго высокае гучанне” [24, с. 84].

З часам у герояў Якуба Коласа знікае замілаванне да тых мясцін, дзе яны жывуць і працуюць. Галоўная прычына заключаецца ў тым, што родны кут да іх паварочваецца негатыўным бокам. У іх няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Героі пераконваюцца:

I ўсё ж не бацькаўшчына гэта:

Жывеш да часу, з лета ў лета,

А ліха вынікне якое --

Падумаць жудасна пра тое... [24, с. 143].

У гэтым ліху чалавек не мае абаронцаў. Ён сам-насам застаецца са сваёй бядою.

Клопаты, звязаныя з купляй зямлі, пашыраюць уяўленні герояў пра бацькаўшчыну і падводзяць іх да разумення пад ёю Беларусі. Сям'я лясніка надумалася купіць зямлю на Случчыне. Гэты рэгіён нашай краіны славіўся ўрадлівымі глебамі, і случакі на той час у параўнанні з мікалаеўцамі жылі заможна, што не магло не радаваць братоў. Яны ехалі нагледзець новы кут для сябе, новую бацькаўшчыну для сваіх дзяцей:

Эх, брат, зямля: уміраць не трэба,

Не пашкадуе табе хлеба! [16, с. 275].

Цешыла на Случчыне і тое, што Міхал з Антосем сустрэлі прыветлівых людзей, якія як быццам адчувалі да патэнцыяльных землякоў сваяцкія пачуцці. Паездка дзядзькі Антося ў Вільню ўзмацніла ў ім адчуванне еднасці з тымі, хто жыве на вялікіх абшарах ад Стоўбцаў і Баранавіч да былой сталіцы Вялікага княства Літоўскага. Ж. С. Шаладонава адзначае, што пры ўспрыманні беларускіх краявідаў, у Антося праз асэнсаванне гэтай паяднанасці праз глыбокае суперажыванне цяжкаму лёсу суайчыннікаў нараджаецца трывога і заклапочанасць пра лёс усёй Беларусі:

-- Ото разгон шыр якая! --

З сабою дзядька разважае:

Зірнеш -- не згледзіш канца-краю...

Якія дворы, божа мілы!

А ўсюды бедны люд пахілы

Кішыць, гаротны, як мурашкі, --

I ўздых задушаны ды цяжкі

Гатоў з грудзей яго прарвацца,

На гоман думак адазвацца.

Эх, дзецца людзям бедным недзе! [16, с. 273].

Падспудна прысутнічае думка ў Коласавай мастацкай -- “новазямельскай” -- карціне свету, паводле якой выйсце з жыццёвага тупіку залежыць ад той трэцяй сілы, што павінна нарадзіцца ў працэсе пакутлівага, ахвярна-жыццядайнага змагання-сужыцця.

Канкрэтную праяву гэтага прынцыпа на практыцы мы можам назіраць у раздзеле “Падгляд пчол” -- ідэйна-светапогляднай кульмінацыя паэмы, цэментуючага яе ядра, дзе бы мадулюецца, прадказваецца будучыня, раскрываюцца сутнасныя прынцыпы жыццеўладкавання, будуецца іерархія каштоўнасцяў, адным словам, -- замацоўваецца новы кодэкс светажыцця.

Глыбокі, шматзначны сэнс набываюць у гэтым раздзеле словы Міхала, вымаўленыя міжволі падчас любавання сваім багатым зямным набыткам: “У нас сяголета -- свяціся!” [16, с. 251]. А ўслед за тым -- балючы дысананс слоў Антося: “I ўсё ж не бацькаўшчына гэта” [16, с. 279] -- як горкі напамін аб пад'ярэмным, залежным становішчы, як смутак аб нязбытнай долі бесхацінцаў...

Канцэптуальна-светапоглядная адметнасць паэмы праявілася ў тым, што тут нібы наклаліся дзве эпохі -- дарэвалюцыйная і паслярэвалюцыйная. З гэтай прычыны ідэйна-тэматычны абсяг паэмы паступова набывае двайны модус -- з аднаго боку, знешне-фабульная канва звязана з рэчаіснасцю неіснуючай, анахранічнай, з другога, яна ў многім актуалізавалася рэчаіснасцю пострэвалюцыйнай. У гэтай сувязі заўважым, што поруч з вылучэннем у раздзелах, напісаных у пачатку 20 гг. 20 ст., сацыяльнай лініі, на авансцэну пачынае выходзіць ідэя ўслаўлення чалавека працы, якая раскрывалася не толькі шляхам кантраснага супрацьпастаўлення двух сацыяльных светаў, але і больш адкрыта. Прыкметна, што ў тых дзевятнаццаці раздзелах, якія былі напісаны на працягу 1921-1923 гг., такіх, як “Падгляд пчол”, “Таемныя гукі”, “Вечарамі”, “Каляды”, “Вялікдзень”, “Летнім часам” і інш., пейзажныя замалёўкі не роўныя сабе, не самадастатковыя, а вылучаюцца прынцыпова новай якасцю, цесна спалучаны са звышідэяй твора. Прырода як сімвал гармоніі, суладнасці не столькі дапамагала выявіць востры канфлікт героя і прадстаўнікоў эксплуататарскага ладу, колькі падкрэслівала думку пра прынцыповую несумяшчальнасць адухоўлена-высокага і меркантыльна-спажывецкага, ідэальнага і матэрыяльнага, раскрывала гістарычную бесперспектыўнасць, нежыццёвасць ідэй “назад ход часаў павярнуць” [16, с. 245]. Апошняя думка, відавочна, магла ўзнікнуць і ўзнікла менавіта ў працэсе канкрэтна-сітуацыйнай актуалізацыі гістарычнага досведу, з паступовым “расчытаннем” наноў напісаных скрыжаляў, што, у выніку, набывала сапраўды палемічнае завастрэнне:

Пакуль што досыць аб панох:

Яны прыеліся, дальбог!

Яны без сэрца і сляпыя,

І ўсе заходы іх пустыя.

І пусты іх усе імкненні

Назад ход часаў павярнуць

І дзіркі палкамі заткнуць,

І перарваць жывыя звенні,

Якіх вякі не перарвалі

У гістарычным перавале... [16, с. 295].

Сімптаматычна, што прыведзеныя радкі -- плён пакутлівых разваг самога паэта, які ў думках нязменна вяртаецца да свайго ўлюбёнага куточка-лапіка зямлі. I Парэчча, куды герой твора і марыць вярнуцца, як найшырэй рэалістычна выяўленая, канкрэтна ўвасобленая прастора, становіцца правобразам, мініяцюрай, маленькім аскалёпкам містычна-няўлоўнага, легендарнага мацерыка-атлантыды -- Новай Зямлі.

Такім чынам, у пахвале павольнага, працоўнага і апалітычнага вясковага жыцця, у ідэалізацыі прымітыўных звычаяў і абрадаў італійскага сялянства мары эпікурэйца замыкаюцца з палітычнымі і ідэалагічнымі задачамі імперыі, і эпікурэец адступае перад ідэолагам кансерватыўна-рэлігійнай рэстаўрацыі. У паказе Вергілія селянін дасягае таго жыццёвага ідэалу, які эпікурэйскі мудрэц знаходзіць на вяршынях ведаў.

Клічучы наперад, Колас клікаў да вяртання ў прыроду і гармонію космасу, дзе голас чалавека і голас прыроды былі злучаныя ў агульным рытме сэрцабіцця сусвету. Ідэя “адзінства свету, спрадвечна і бясконца няспыннага жыцця, роднасці ўсяго і ўся” [22, с. 132] сугучная народна-эстэтычным, міфа-фальклорным уяўленням аб прыродзе. Анімістычны погляд на жыццё, пантэістычнае ўспрыманне свету, паўсюдная эстэтызацыя з'яў навакольнай прыроды ішло ад народнага, “дагістарычнага” сузірання, але і ў не меншай ступені -- ад самой гістарычнай эпохі, якая па-новаму пераасэнсоўвала, трансфармавала народны міфапаэтычны субстрат. Актыўны зварот Коласа да міфапаэтычных сродкаў выразнасці ніколькі не сведчыў пра фактар ідэйна-эстэтычнага кружляння мастака на месцы. Міфапаэтычны арэол быў прыўзняты на новы светапоглядны ўзровень, на ўзровень спараджэння новай мастацкай рэальнасці. Адухаўленне прыроды, уласцівае народнаму светагляду, становіцца спалучаным з ідэйна-канцэптуальным эквівалентам.

Ад старонкі да старонкі паэмы аб'ядноўваюцца ў адзінае цэлае такія паняцці, як зямля, родная мясціна, родны кут, мой край, бацькаўшчына, краіна, Беларусь, дзяржава. Сюжэт твора рухаецца такім чынам, што, здаецца, мара любімых герояў паэмы рэалазуецца. Чаму ж не здзейснілася высненая Міхалам мара “купіць зямлю, прыдбаць свой кут” [16, с. 231]? Хоць на Случчыне ў Хадыкі браты знайшлі такую зямлю, пра якую марылі, дамовіліся пра пакупку, далі задатак. Засталося ўзяць у банку крэдыт і аформіць купчую. Гэтага, аднак, не здарылася. Дзядзька Антось у Вільні, паблукаўшы па чыноўніцкіх кабінетах, пераканаўся, што ніхто ў дзяржаўных установах не зацікаўлены, каб уладжваць лёс чалавека. Службоўцы дбаюць толькі пра хабар. Гэта надламала Міхала, такога “тытана духу” [12, с. 45], які дасюль не спыняўся ні перад якімі цяжкасцямі, каб дасягнуць вызначанай мэты. Герой памірае, але з упэўненасцю, што абраны ім шлях да свабоды і незалежнасці селяніна валодаць уласнай зямлёю -- адзіна правільны. Міхал апошнія свае надзеі ўскладае на Антося і верыць, што той здольны ажыццявіць запавет:

Вядзі ж ты рэй, вядзі... адзін...

Як лепшы брат, як родны сын.

Бог не судзіў мне бачыць волі

I кідаць зерні ў свае ролі...

Зямля... зямля... туды, туды, брат,

Будуй яе... ты дай ёй выгляд...

На новы лад, каб жыць нанова... [16, с. 297].

З гэтага запавету вынікае, што рэалізацыя мар і спадзяванняў Міхала і тысяч такіх Міхалаў можна ажыццявіць, калі народ збудуе сваю дзяржаўнасць, для якой галоўным будзе клопат пра сваіх грамадзян.

Становіцца больш зразумелым тое, што Коласава асэнсаванне свету ўбірае ў сабе два значэнні. З аднаго боку, гэта ўклад, спосаб жыцця і, з другога, дзяржаўная сістэма, прычым між імі няма непераходнай мяжы: абодва заснаваны на суцэльным прыніжэнні і знявазе чалавечай годнасці. Для паэта няма прынцыповай розніцы ў тым, у якую форму ўсё гэта выліваецца -- у форму ўладнага ці дабраахвотнага здзеку. Абедзьве формы папіраюць правы чалавека, трымаюцца на прынцыпах антымаральнасці. Мэта іх адна: вывесці чалавека з зоны дзеяння кантролю свядомасці і сумлення, нейтралізаваць, загнаць у “цёмны кут” пачуццё ўласнага гонару і годнасці, любым чынам заразіць чалавека “вірусам” вінаватасці, непаўнацэннасці, падначаліць яго сваёй волі, утрымліваць у палоне жывёльнага страху. Падобныя “штукарствы” па-заліхвацку дэманструе перад сваімі васаламі “пан Ракоўскі з-пад Татарні” [16, с. 243].

Усё сказанае дае падставу прызнаць, што сама ідэя твора не мона-, а поліфанічная. Паэма Якуба Коласа цесна звязана з такімі тэкстамі Вергілія “Георгікі”, “Буколікі”. З прызнаннем гэтага адкрываецца магчымасць гаворкі пра суквецце “новазямельскіх” ідэй, пра іх перманентную архіжывучасць. Суперактуальнасць, геніяльнасць Коласавых ідэй у творы праявілася якраз у іх палітычнай і эстэтычнай апераджальнасці, у іх пазачасавасці ці, дакладней, надчасавасці: мастакоўская думка, узброеная гістарычнымі ўласна жыццёвым вопытам, сягала ў неабсяжную, такую далёкую і непрадказапьную будучыню.

2. Філасофія сацыяльна-побытавых пластоў жыцця

Пільная ўвага Якуба Коласа да сацыяльна-побытавых пластоў жыцця, да рэчыўнага свету і віртуознае майстэрства ў іх паэтычным увасабленні даюць магчымасць па-філасофску глыбокага пранікнення ў быццё, узмацняюць праблемнасць пытанняў маральна-духоўнага зместу ў творах. Леў Талстой заўважыў: людзі толькі і робяць, што вырашаюць маральныя праблемы, хоць і здаецца, быццам яны ваююць, гандлююць, будуюць і г. д.

Эпічнасць з'яўляецца характэрнай рысай мастацкага мыслення Я. Коласа. Даследчыкі неаднаразова падкрэслівалі яго непераўзыдзены артыстызм у рэалістычна-дакладным, аб'ектыўна-праўдзівым выяўленні жыццёвага матэрыялу ў паўнакроўных, жывапісных і пластычных вобразах, малюнках, падзеях. “Новая зямля” не выключэнне. У ёй надзвычай багата, калярова і разнастайна прадстаўлена сялянскае жыццё і ў яго звычайных, будзённых, і ва ўрачыста-святочных праявах. Такую цікавасць да бытавой з'явы, засяроджанасць на будзённым можна лічыць глыбока абумоўленай для маладой беларускай літаратуры, у многім традыцыйнай. М. А. Тычына адзначае, як у творчасці беларускіх пачынальнікаў сярэдзіны 19 стагоддзя “грубая проза жыцця, “хатнія клопаты” селяніна набылі паэтычны арэол. У сусветнай літаратуры ўзнікла ўнікальная мастацкая рэч, дзе, магчыма, упершыню за ўсю гісторыю тое, што іншым здавалася прыналежнасцю этнаграфіі, стала прыкметай цэлай нацыі: народны быт стаў самім быццём. Так беларуская літаратура сцвярджала ў эстэтыцы вялікую мастацкую значнасць простых, элементарных, масава распаўсюджаных ісцін, ад якіх цывілізацыя ў працэсе свайго развіцця адарвалася і да якіх вымушала вярнуцца -- абнавіць пачатак, каб рухацца наперад... Гэта быў натуральны рух народа, які ў сваім гістарычным быцці вымушана развіваў пераважна адзін бок чалавечага духу, які багацце сваёй душы выяўляў у сувязі з прыродай, з зямлёй-карміцелькай, з людской грамадой” [25, с. 38]. Асноўнай мастацкай задачай Якуба Коласа было поўна і шырока ўвасобіць не толькі матэрыяльны свет, быт, быццё, а тое, кім чалавек з'яўляецца ў гэтым быцці, што герой у ім асабіста ўяўляе, вырашае. Быццё цікавіць паэта як арганічная, неад'емная і ўплывовая частка сацыяльнага і індывідуальна-псіхалагічнага вобліку героя, як характаралагічна значны элемент ягонай свядомасці. I менш за ўсё хвалюе Якуба Коласа абмежаванае кола жыцця тых,

...для каго ўвесь гэты свет

Ёсць аднае цялежкі след,

Пытанні толькі дабрабыту,

Дзе ўсё прыводзіцца к карыту.

I гэта ёсць адна дарога,

Апроч яе няма нічога [16, с. 236].

Рэчаіснасць з'яўляецца адной з паўнаважных рыс цэласнага мастацкага вобраза, у ёй трэба шукаць ключы шыфру напружанай і супярэчлівай душэўнай працы герояў.

Рэчыўны, матэрыяльны свет і свет маральна-духоўны ўзаемаўплывовыя і ўзаемазалежныя. Немагчыма вызначыць прыярытэтнае значэнне нейкага аднаго боку ў раскрыцці ідэйнай канцэпцыі твора. Якуб Колас па-майстэрску звязвае праблемы і клопаты штодзённасці са значнымі грамадскімі, сацыяльна-гістарычнымі праблемамі, маральна-этычнымі пытаннямі быцця чалавека. В. П. Жураўлёў заўважае, што “Якуб Колас на любым жыццёвым аб'екце -- і вялікім, і самай маленькай драбніцы -- мог часта быццам бы зусім нечакана спыніцца і нават засяродзіць, завастрыць сваю ўвагу.., каб потым разгарнуць гэтыя побытавыя з'явы, падзеі, прадметы ў яркія паэтычныя малюнкі, тонкія псіхалагічныя сцэны, глыбокія філасофскія абагульненні” [22, с. 62].

На сваім жыццёвым шляху Міхал настойліва імкнецца спасцігнуць ісціну гарманічнага і шчаслівага існавання чалавека на зямлі. Якуб Колас неаднаразова ўзгадвае пра блуканні, пераезды, пошукі-падарожжы, якія зведаў Міхал. Ствараецца ўражанне, што герой увесь час у дарозе, або ў напружаным чаканні яе, на парозе новага -- крызісу ці ўзлёту. Мы назіраем не толькі яго рух, перамяшчэнне, але адчуваем этапнасць, дыялекыку развіцця ягонага духу, напружаны пошук творчага, ініцыятыўнага мыслення. Паэт пастаянна падкрэслівае зменлівую адноснасць, адкрытую незавершанасць быцця і чалавечай свядомасці. Усведамленне рухомага працэсу духоўнага сталення, развіцця асобы, яе мэтанакіраванага імкнення да трансцэндэнтнай перспектывы, дасканаласці, ідэалу вызначыла мастацкае афармленне вобразу дарогі ў паэме.

Дарогі, вечныя дарогі!

Знаць, вам спрадвеку самі богі.

Калі красёнцы жыцця ткалі,

I вашы лёсы вызначалі,

Няма канца вам, ні супыну;

Вы жывы кожную часіну,

То задуменны, смутна строгі,

Як след захованай трывогі,

То поўны чараў спадзявання.

То страхаў цёмнага знікання,

Калі душа свой лёс прачуе,

I ноч нябыту зацянюе...

Дарогі, цёмныя дарогі!

Вы так маўклівы, вы так строгі!

Хто вас аблічыць? Хто вас змерыць?

Хто вашы звівы ўсе праверыць?

Хто вашы ходы абшукае?

Бо ўсс сваю дарогу мае! [16, с. 236].

Ісціна судакранаецца з небакраем будучыні, да якой імкнуцца доўгія і шматлікія дарогі чалавечых лёсаў. Асэнсаваць і цалкам спасцігнуць ісціну немагчыма, можна, хіба што, наблізіцца да яе. Адвечны працэс пазнання толькі заахвочвае яе пошукі і ўяўляе складаную сукупнасць альтэрнатыўных намаганняў, версій, тэорый, міфаў, аб'яднаных агульнай скіраванасцю -- знайсці універсальную формулу быцця і “вымярэнне” шчасця. 3 дарогай звязана настальгічнае пачуццё і жаданне новага, узнёсла-трывожнае ўсведамленне няспыннасці і бясконцасці натхнёнага пошуку, неабмежаванага, разняволенага руху ад звыклай і ўстойлівай дадзенасці да цуду і нечаканасці будучыні.

У класічнай літаратуры вобраз дарогі мае вельмі разнастайную эмацыянальную афарбоўку і сэнсавую напоўненасць, што непасрэдна звязана з ідэйна-філасофскай канцэпцыяй творцы, яго светапогляднай пазіцыяй, складам ягонага мастацкага мыслення. Мудрагелісты лабірынт жыццёвых загадак падмацоўвае трагічнае адчуванне руху “ўсляпую”, імгненнага набліжэння да драматычнай развязкі, апакаліптычнага канца чалавечай гісторыі. Прыгадаем, як рамантычна-ўзнёслае, узрушанае захапленне М. Гогаля цудам імклівай і хуткай язды змяняецца ў пакутлівую трывогу ад невыразнасці абрысаў таго, што чакае наперадзе дарогі, бо аднолькава магчымы і ўзлёт увышыню, і падзенне ў бездань: “Русь, куды ж нясешся ты? Дай адказ: не дае адказу”. Таму ў Гогаля дарога няясная, страшная, паглынае рэальнасць, хавае штохвілінную небяспеку, бо “імчыць невядома куды ў знікаючую далечыню і нешта страшнае ў гэтым хуткім мільгаценні, дзе не паспявае адзначыцца знікаючая рэч” [26, с. 368].

Лёсы герояў Якуба Коласа, як ужо адзначалася, неад'емна звязаны з дарогай -- пераездамі, падарожжамі, якія адлюстроўваюць пошукі зямлі, шчасця, долі. Паэт адмаўляе ілюзію спакою, не прымае абмежаванае задавальненне і нерухомасць жыцця, хоць імклівасць натхнёнага, дзёрзкага руху наперад намнога яго ўскладняе і драматызуе. Напачатку паэмы Якуб Колас нават наўмысна прыніжае ідэйна-мастацкі змест “гаворкі” аб простым людзе, бо, як прызнаецца, перадае ў сумна-празаічную, па эстэтычных канонах “нецікавую” і непрывабную праўду рэчаіснасці:

Жыццё іх, праўда, нецікава,

Пра іх нідзе не ходзіць слава,

Аб іх гісторый не складаюць,

Пра іх і пссснь нс спяваюць...

…И такая

Ўсім бедным доля выпадае,

Прайсці свій круг, прамарнавацца

І невядомымі астацца [16, с. 40].

У аповесці I. Буніна “Сухадол” апісваецца прыгнечанае да няведання, амаль да небыцця існаванне сялянства. Духоўнае жабрацтва мужыкоў лагічна звязваецца аўтарам з убоствам, пакутлівасцю іх жыццёвага жрэбію. “Мужыкі сухадольскія нічога не расказвалі. Ды і што ім расказваць было. У іх нават і паданняў не існавала. Іх магілы безымянныя.

А жыцці такія падобныя адно на адно, такія ўбогія і бясследныя. Бо вынікамі іх працы і клопату быў толькі хлеб, звычайны хлеб, што з'ядаецца”. Аднак недасканаласць эмпірычнах рэалій не абумоўлівае стан, узровень свядомасці чалавека. Аксіяматычная ісціна, што перанесеныя пакуты і выпрабаванні лёсу загартоўваюць і ўзвышаюць чалавека, увасоблена і ў біблейскай аповесці пра Іава: “Так, не з праху выходзіць гора, і не з зямлі вырастае бяда, але чалавек нараджаецца на пакуту, як іскры, каб імкнуцца ў вышыню” [2, с. 6-7]. Прыземлены, абмежаваны быт, па логіцы, павінны выклікаць толькі адчай, абыякавасць і апатыю, але яны з поспехам пераадольваюцца максімалізмам стваральных намаганняў асобы, магутным творчым патэнцыялам яе веры ў высокія каштоўнасці.

Не! Духу волі плынь жывая

Такога ладу не прымае

I не прыхіліцца ніколі

Да гэтай лішне простай долі... [16, с. 236].

Выключная здольнасць да жыццятворчасці Міхала праяўляецца і ў яго ўзважаных, абдуманых дзеяннях і ўчынках і, што першапачаткова важна, у “сузіранні”, у выключным майстэрстве прааналізаваць жыццё, вызначыць у ім сваю пазіцыю, акрэсліць перспектывы. Бясспрэчна, Міхал -- уважлівы, дбайны і клапатлівы гаспадар ва ўласным доме, аднак большым чынам “правіць гаспадарку” Антось. Міхал уяўляе сабой “ідэйна-тэарэтычны цэнтр” паляпшэння і ўдасканальвання сямейнага побыту, ён нясе першачарговую адказнасць за змены ў ім. Герой абмяркоўвае свае планы, заўсёды раіцца з блізкімі, але галоўны, канчатковы выбар павінен зрабіць ён самастойна. Таму ён такі засяроджаны і сур'ёзны, таму ён шукае адзіноты, каб паглыбіцца ва ўнутраную бясконцасць асабістых думак. У такой унутранай засяроджанасці Міхала (нават вочы яго “углыб душы глядзяць гаротна”) паэт убачыў і перадаў магутны духоўны патэнцыял беларусаў, іх разважлівую асцярожнасць, удумлівую стрыманасць і цярплівасць, ураўнаважанасць у вырашэнні любога канфлікту. Вобраз Міхала -- яскравы прыклад унікальнага здзяйснення чалавека ў напружанай працы ўласнага мыслення. Герой працуе, існуе ў адзінстве з уласнымі арыгінальнымі і цікавымі думкамі-ідэямі, у якіх ён не толькі асэнсоўвае рэальнасць, але і малюе будучыню. Антось, напрыклад, таксама ўвесь час заняты гаспадарчай працай, і Ганна пастаянна завіхаецца ў клопатах па дому. Перамяшчэнне Міхала Якуб Колас самым непасрэдным чынам звязвае, нават атаясамлівае з рухам, імкненнем, пульсуючай энергіяй ягоных думак.

Памалу, мерна, крок за крокам

У сваім раздум'і адзінокім

Дадыбаў бацька скора к дому [16, с. 21];

Міхал сядзеў, не варушыўся

I ў мыслі нейкія ўглыбіўся [16, с. 25];

Міхал станоўка, ненарокам

Ішоў да мэты крок за крокам [16, с. 223];

Міхал ідзе, і думкі ходзяць,

I ў пункт адзін яны прыводзяць... [16, с. 147];

Міхал ішой, з ім йшлі і думкі,

А з імі вобразы ўставалі

I ў сэрцы водгук выклікалі [16, с. 184].

Думкі, планы, разважанні Міхала аб набыцці ўласнай гаспадаркі на першы погляд могуць падацца абмежавана-будзённымі, вельмі прыземленымі і прыватнымі.

Там, брат, гароды. чуеш, маці?

(Ён гэтым жонку падкупляе)

Так ураджайны, так багаты.

I блізка, тут жа каля хаты!

Сама зямля без гною тлуста,

I надта родзіцца капуста:

3 вядро галоўкі вырастаюць,

3 трох коп кадушку накладаюць.

...I рэчка ёсць. А рыбы, рыбы!

Вось дзе, Антось брат, пажыў ты бы! --

Пад дзядзьку бацька падвёў міну...

...Ну, усе выгоды каля бока,

Тае ж зямлі якраз валока, --

Міх&і распісваў з жарам далей: --

А чорны грунт -- дванаццаць цалей!

Жыта там родзяцца на дзіва:

Як едзеш між хлябоў вясною,

У іх конь хаваецца з дугою! [16, с. 26].

У па-гаспадарску зацікаўленых і натхнёных маналогах Міхала няма павучання наконт радыкальных перабудоў свету, тым больш, няма ў іх гатовых і дакладных адказаў на спрадвечныя “праклятыя пытанні” быцця. Але імкненнем дасягнуць дабрабыту, гармоніі, упарадкаванасці ў прыватным жыцці, сцвярджэннем яго каштоўнасці і значнасці герой набліжае іх вырашэнне.

У параўнанні з Міхалам Антось і Ганна даволі інертныя і кансерватыўныя ў поглядах на любыя перамены ва ўласным лёсе. Беднасці, якая б падштурхоўвала да тэрміновых пошукаў лепшай долі, сытнейшага кавалка хлеба, сям'я не ведала.

Гумно паўнела з кожным годам,

I багацеў хлявец прыплодам,

I грош стаў лішні завадзіцца,

Было што есці, чым акрыцца,

I быў парадак, лад у хаце [16, с. 35].

Таму Антось і Ганна так горача адстойваюць непарушны і размераны спакой свайго жыцця, бо, на іх думку, больш надзейна, зручна трымацца таго, што ёсць, не заглядаць далёка ў перспектыву.

Дык больш пільнуйцеся вы дому! [16, с. 30].

...тут абжыліся, На ногі трохі падняліся;

Яшчэ б гадочак пажыць ціха,

Але найгоршае тут ліха --

Збірай зноў цапстрыкі. трасісь

Па каранях з дабром, з сям'ёю,

У саму бездараж вясною [16, с. 40-41].

Калі ў сям'і з абурэннем, незадаволена ўспрымаюцца практычныя нязручнасці вымушаных пераездаў, то для Міхала ва ўсёй драматычнай абвостранасці паўстаюць праблемы пасіўнага, па-рабску пакорлівага і бясспрэчнага выканання чужой, неаўтарытэтнай і несправядлівай волі, якая поўнасцю супярэчыць уласным меркаванням і планам. I таму герой не баіцца, а ўсвядомлена шукае перамен у сваім лёсе, якія паспрыяюць раскрыццю і выяўленню ягоных патэнцыяльных здольнасцей і магчымасцей.

Мы чулі ўладу над сабою,

А пажывем -- яшчэ пачуем,

А тут, хоць як мы ні мяркуем.

Але нічога не даб'емся,

Куды ні пойдзем, ні таўкнемся,

Дабра ніколі не прыдбаем,

Пакуль свайго кутка не маем [16, с. 72].

Міхал рашуча адстойвае сваю актыўную, ініцыятыўна-смелую пазіцыю ў жыцці, і гэта дазваляе яму ўзняцца над абмежаванасцю скептычнага адмаўлення негатыўных бакоў рэчаіснасці. Упершыню ў беларускай літаратуры з'явіўся герой, здольны з аптымізмам, але без ружовай сентыментальнасці глянуць на свет, абдумаць магчымыя рашэнні ўласных праблем, у чым пайсці значна далей хранічнай незадаволенасці і стыхійнага пратэсту. I. Я. Навуменка адзначае, што Якуб Колас “пераадолеў погляд на селяніна, мужыка як спрадвечнага пакутніка, які, па сутнасці, прыніжаў чалавека працы як паўнацэнную асобу, бо адмаўляў яму ва ўжыванні чалавечых якасцей і сцвярджаў яго як забітага, занядбанага раба...

Міхал і Антось -- героі “Новай зямлі” -- вобразы, якіх да Коласа яшчэ не ведала беларуская літаратура. Селянін, намаляваны беларускім паэтам, паўстае ва ўсёй сваёй духоўнай велічы і прыгажосці, ён не раб, не “забіты аканчальна”, па выражэнню Дабралюбава, а чалавек, у душы якога жывуць усе “прыгоствы свету” (Купала), усе найвялікшыя маральныя дабрачыннасці” [12, с. 86].

Рашучае, прынцыповае адмаўленне Міхалам прыніжана-рабскага жыцця на чужой зямлі, “пад панскаю пятою” аргументуе неабходнасць перамен, змагання за ажыццяўленне ідэй свабоды і незалежнасці на новай роднай зямлі. У глыбіні душы ён па-добраму зайздросціць шляхцічам, якія самастойна гаспадараць на ўласнай зямлі.

I хоць нянажныя харомы

Тут гэта шляхта збудавала,

Але жывс і гора мала!

Хоць шляхціц цёмны, як саган.

Затое ж сам сабе ён пан...

Міхал зірнуў і пазайздросціў:

Чаму й не ён між ягамосцяў? [16, с. 96].

Прыняўшы рашэнне набыць зямлю, Міхал прадбачыў не толькі матэрыяльную забяспечанасць, незалежнасць уласнага становішча. Новая зямля гарантавала яму жыццёва неабходную свабоду волевыяўлення, самастойнасць выбару, аўтаномнасць мыслення.

Французскі філосаф Э. Мунье падкрэслівае, што “свабода... цудоўная сама па сабе, самой сваёй боскай паставай і веліччу, і ўсё ж такі яна цудоўная, калі яна выратавальная” [27, с. 82]. Для Міхала доўгачаканая свабода існавання на новай зямлі з'яўляецца выратавальнай, бо на адзіныя вагі з ёй герой кладзе асабістае жыццё. Таму вобмацкам, але ўпарта і пераканана ідзе ён па незвычайным, склада-ным пошукавым шляху, у абсалютнай ісцінасці якога ўпэўніцца цяжка, бо ідэі героя падказаны яму інтуіцыяй.

Вера ў пэўныя жыццёвыя каштоўнасці ў сваім паступовым развіцці, набліжэнні да ісціны можа набываць характар іррацыянальны, інтуітыўны. Верыць пранікнёна, прынцыпова, самааддана можна і ў вельмі аддаленыя, часова нездзяйсняльныя, трансцэндэнтныя ідэалы. У гэтым выпадку мары наталяюцца інтуітыўным адчуваннем іх высакароднага, справядлівага сэнсу. Палымяная вера Міхала ў існаванне новай запаветнай зямлі, зямлі гармоніі, свабоды, справядлівасці, і ўпэўненае спадзяванне на ўласныя сілы для яе дасягнення трансфармуюцца ў бясспрэчнае перакананне, якое мае аб'ектыўную дакладнасць і нават пэўныя метафізічныя характарыстыкі. Міхал “ведае”, дзе і як ён набудзе “шчаслівую” зямлю.

Свая зямелька, свая хата

(Няўжо яна яму заклята?),

Прытулак свой, куток уласны;

Такі ён мілы быў і красны,

Што наш Міхал там жыў душою,

Не знаў улады над сабою,

Апром зямельнай той улады [16, с. 25].

Але ў імкненні да ідэалу Міхал не прагматык і не рацыяналіст. Далёка не заўсёды прагматычны розум, назапашаны жыццёвы вопыт, скурпулёзныя падлікі могуць карыстацца поўным даверам, паспрыяць творчаму развіццю думкі і даць станоўчыя вынікі. На ініцыятыўна-пошукавым шляху чалавек абапіраецца на большае, чым толькі разумовую аргументацыю, пралічаныя, запраграмаваныя дзеянні. Імпульсам аксіялагічнага пошуку выступае не разлік і карысць, а глыбока асабістая, выпакутаваная выпрабаваннямі лёсу і нетрадыцыйным, смелым вынаходніцтвам свядомасці, і таму ўсемагутная вера, якая і ініцыіруе увесь механізм пачуццяў, дзеянняў, учынкаў. Гарантам сапраўднасці такіх пошукаў-адкрыццяў з'яўляецца выключная аўтарытэтнасць асобы, мэтанакіраванасць яе творчага мыслення, яго свабода ад запраграмаванасці, традыцыйнасці поглядаў, дагматызму і прамалінейнасці законаў разумовай логікі.

Увасабленнем думкі рацыянальнай, практычна-выверанай з'яўляюцца довады і развагі Ганны. Яна актыўна, зацікаўлена і прынцыпова абмяркоўвае і нават горача аспрэчвае многія прапановы мужа. Яе развагі таксама слушныя, правільныя, іх практычная, традыцыйная логіка супрацьстаіць унутрана-інтуітыўнай, сакральнай перакананасці думак Міхала.

Ніхто цябс тут не сціскае

I ў твой гаршчок не заглядае,

Сядзець не будзеш тут без хлеба,

А пацярпець, вядома, трэба [16, с. 73].

На баку Ганны здаровы сэнс і практычны розум. Міхал не мае іншага крытэрыя правільнасці свайго шляху, акрамя веры, якая надае яму ўпэўненасць, трымаецца на духоўна-падсвядомым вопыце, на асабістай інтуіцыі. Але “калі не грашыць супраць логікі, то ўвогуле немагчыма прыйсці да чаго-небудзь” [28, с. 572].

Вера Міхала -- вера ідэальная, а не рацыянальная. Якуб Колас акцэнтуе ўвагу на незвычайнасці “эксперыментаў”аканых і глыбокіх інтуітыўна-пошукавых адкрыццяў.

Міхал у часе вандравання

На адзіноце сам з сабою,

3 гарачым сэрцам і душою

Развязваў важнае пытанне

Аб той зямельцы, аб уласнай.

Яна свяціла зоркай яснаіі.

Яна гарнула і хіліла,

Бы нейкіх чар нязнаных сіла [16, с. 223].

Вялікую ролю ў падтрымцы і аргументацыі перакананняў Міхала адыгрываюць індывідуальныя рысы яго духоўнага вобліку. Развагі героя аб чалавечым лёсе, аб адносінах паміж людзьмі, аб месцы чалавека на зямлі напоўнены глыбокім, па-філасофску мудрым веданнем і асэнсаваннем жыцця, і, як відаць, вельмі блізкія да меркаванняў самога Якуба Коласа.

Набыць дабра не надта лёгка,

Яно, як шклечка тое, крохка:

Чуць да яго не так кранешся

I з чарапкамі астансшся,

А ліха прыйдзе без падмогі,

Бо ліху -- бітыя дарогі

I ўсюды сцежкі яму вольны,

То роўна-гладкі, то вакольны,

Не абміне яно нікога [16, с. 64].

У паэме “Новая зямля” мы так і не ўбачылі рэальнага здзяйснення планаў Міхала, але ў працэсе пошукаў галоўнага героя складваецца цэласная сістэма дасягнення жыццёвай гармоніі “знутры”, ад чалавека, праз чалавека і ў імя чалавека. Плён тытанічнай духоўнай працы Міхала дае яму выратавальнае вызваленне і ўзвышэнне над перыпетыямі зменлівага лёсу.

Натхнёны герой быў сапраўды шчаслівы, пакуль верыў, планаваў, спадзяваўся, не патрабуючы канкрэтна-матэрыялізаваных вынікаў сваіх пошукаў, непасрэднага ўвасаблення свайго ўзвышана-рамантычнага ідэалу.

...Міхал -- прыпомнім гэта --

Апісваў фарбамі паэта,

Апісваў шчыра, ўсё зазначыў.

Хоць ён зямлі тае не бачыў;

Ды мала што: ніхто ніколі

Не бачыў светлай райскай долі,

Але той рай мы так малюем,

Што асалоды яго чуем [16, с. 224].

Якуб Колас не шкадуе колераў, каб перадаць створаныя ўяўленнем Міхала карціны райскай долі, райскага жыцця -- такія ж прывабныя, ідэальныя і такія ж бясконца далёкія.

Толькі герой упарта не жадае пагадзіцца з тым, што шчасце, да якога ён так настойліва імкнецца, магчыма пакуль што толькі ва ўяўленні, у ідэальнай прыроднай стыхіі, у гарманічнай сутнасці чалавека. Ён адчувае асалоду ад таго, як мара завалодвае кожнай часцінкай ягонай самасці, бясконцымі кольцамі спавівае свядомасць. Яшчэ вельмі невыразна, здалёк, але Міхал здагадваецца, што калі мара не ажыццявіцца -- ён ніколі ўжо не зможа вырвацца з яе абдымкаў.

Няўжо ж у свет замкнёна брама?

Няўжо старанне пойдзе прахам? --

Пытаў Міхал сябе са страхам.

Ды цяжка мары-думкі траціць --

Пажыць, пажыць у сваёй хаце! [16, с. 270].

Такога катэгарычнага пераканання, злітага з інтуіцыяй, можна пазбавіцца хіба толькі з жыццём.

Тэалагічная праца вядомага дацкага філосафа і пісьменніка С. Кьеркегора “Страх і трымценне” змяшчае глыбокія развагі наконт веры і адносін чалавека да яе як праблемы ўзвышана-духоўнага, абстрактна-філасофскага зместу. Вера, плён напружанай духоўнай працы асобы, вынік развіцця свядомасці, уяўляе катэгорыю ідэальную. I тым не менш, яна канцэнтруе незвычайную моц фізічнай і духоўнай энергетыкі: можа або разбурыць і знішчыць асобу, або надаць ёй новае жыццё, духоўна узвысіць над канчатковым і часовым і далучыць да вечнага. У сувязі з гэтым прыгаданая філосафам біблейская легенда пра Аўраама, які па боскаму загаду прыносіць у ахвяру свайго сына, вырастае ў сімвал цуду як абсалютнага доказу ўсемагутнасці веры. Аўраам забівае сына не імгненна і імпульсіўна, а глыбока ўсвядомлена, бо верыць у яго ўваскрасенне, абяцанае Усявышнім: “верыць сілай абсурду, бо ўсе чалавечыя разлікі даўно скончыліся” [29, с. 37].

Калі стала відавочным, што жаданне Міхала разбілася аб немагчымасць, зніклі апошнія надзеі на яго рэальнае здзяйсненне -- герой адмаўляецца ад стрыманага цярпення, хладнакроўнага супрацьстаяння знешнім неспрыяльным абставінам, каб тым самым выратаваць сябе ў еднасці з уласнай марай, захаваўшы яе ў глыбіні душы і надаць ёй якасна новае жыццё ў сваёй непераходзячай, вечнай веры-інтуіцыі.

С. Кьеркегор падзяляе людзей, палымяна адданых веры, на рыцараў пакоры, самаахвярнасці і рыцараў веры. Міхала, чалавека веры, ідэі, мары, нельга аднесці ні да першых, ні да другіх. Рыцар пакоры ў імя цярплівасці і спакойнага чакання адмаўляецца ад свайго жадання. Для яго “ў бясконцым самаадмаўленні закладзены мір і спакой... і гэты рух у самой сваёй болі мірыць яго з наяўным існаваннем” [29, с. 37]. У імя захавання “міру і спакою” Міхалу можна было б прыстасавацца да абставінаў і цярпліва несці свой крыж. Беларускай крытыкай неаднаразова жыццёвая пазіцыя Міхала разглядалася як “мужнасць цярпення, з якой паэт звязвае мужнасць сацыяльнай надзеі на лепшую будучыню”. Сапраўды, героі паэмы

Жывуць, цярпліва долю смычуць

I крыж нясуць мужычы ціха,

Дабра не бачачы з-за ліха [16, с. 47].

I службовыя паводзіны Міхала ўражваюць стрыманасцю, дысцыплінаванасцю, цярплівасцю. Але існаванне па вымушанаму правілу “Маўчы, калі ёсць хлеб у роце!” падаецца герою бессэнсоўным і вельмі ганебным. Ён забываецца на небяспеку, не ўлічвае, што цярпенне ўяўляе таксама “вымушаную форму “дамоўленасці” з абставінамі, якія не так проста і лёгка было перайначыць, перарабіць адпаведна сваім уяўленням аб шчасці і волі. А ў падобных выпадках было вельмі важным для чалавека не зламацца раней часу перад наступам неспрыяльных абставін, не апусціць рукі, не расчаравацца і захаваць веру ў лепшую долю” [22, с. 143]. Як ужо адзначалася, катэгорыі мыслення героя маюць не лагічныя і не рацыянальна-пралічаныя, а ўзвышана-рамантычныя, інтуітыўныя характарыстыкі. Любыя страты і перашкоды, звязаныя з ажыццяўленнем мары, Міхалу ўяўляюцца значна меншымі за маральныя пакуты прыніжана-рабскага становішча, якія ён трывае, калі “і рукі, й ногі ўдзеты ў путы”. Класічнае правіла гаворыць, што і раб у кайданах можа адчуваць сябе настолькі свабодным, наколькі змірыцца са сваім становішчам раба, задаволіцца ім. Міхал нават не дапускае кампраміснай думкі, каб пакорна трываць здзек, цярпець, хаваць у сабе жаданне свабоды і незалежнасці. Таму такой выбуховай сілай непрымірэння і пратэсту поўняцца ягоныя палымяныя, палемічныя і драматызаваныя маналогі-споведзі.

Так, пацярпець! Адно цярпенне

I можа даць табе збавенне, --

Тут усміхнуўся Міхал скрыва: --

I гніся век, цярпі маўкліва,

Пакінь ты ўсякую надзею

Хамут з сябе зняць, дабрадзею!

А над уласнай гаспадаркай

Варонай чорнаю закаркай

I цяжкі крыж пастаў над ёю,

Як мусім ставіць над сабою.

Цярпенне -- ўсё: мно -- бязмежнасць!

Навошта ж тая незалежнасць?!

Навошта гэтае імкненне

Пусціць у грунт у свой карэнне?

Але б вы самі спрабавалі.

Калі б у вочы вам плявалі

I вас агіднаю заўвагай

Па сэрцы білі б, як той шлягай!

А ты маўчы, свяці вачамі

Перад паўпанкамі, панкамі

І перад панскім розным збродам,

Цярпеннем скованы, як лёдам! --

Ў Міхала губы дрыганулі,

І вочы іскры сыпанулі [16, с. 73].

Назіраецца надзвычайная сугучнасць па духу і пафасу гэтага маналога, у многім абумоўленага цяжкім вопытам напружанага чакання, расчараванняў і выпрабаванняў паэта ў трывожны паслярэвалюцыйны час, вынішчальнай рэзкасці, перуноваму гневу вядомых пушкінскіх радкоў:

Вы правы, мудрые народы,

К чему свободы вольный клич!

Стадам не нужен дар свободы,

Их должно резать или стричь,

Наследство их из рода в роды

Ярмо с гремушками да бич.

Глыбіня перажытых крызісаў прымусіла паэтаў заўважыць у пакорлівасці духоўную здраду чалавека самому сабе, і таму цярпенне для іх выступае этапным звяном цэпнай рэакцыі зла, бо яно абмяжоўвае любы творчы парыў да свабоды, дасканаласці, знішчае боскі дар усемагутнай веры на шляху да ўратавання.

Цуд асабістага адкрыцця нарадзіў устойлівую веру ў блізкую рэальнасць свабоды, гармоніі і прыгажосці, сімвалам якіх з'яўляецца новая зямля. Вера Міхала валодае той абавязковай неабходнасцю, якую нельга нічым замяніць і запоўніць і якую ўладна накіроўваюць не да ўмоўнасцей пасіўнага чакання і цярпення, а да найхутчэйшага здзяйснення спадзяванняў.

Цярпі! чаму? дакуль цярпенне?

Калі канец яму, рушэнне?